СПІС ВЫ́БАРШЧЫКАЎ,

спіс грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, рэферэндуме, галасаванні аб адкліканні дэпутата. Паводле Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь С.в. складаюцца па кожнаму ўчастку і падпісваюцца старшынёй і сакратаром участковай камісіі. У С.в. уключаюцца ўсе грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі на дзень галасавання 18 гадоў, пастаянна або часова пражываюць на тэр. дадзенага ўчастка і маюць права ўдзельнічаць у галасаванні. У С.в. грамадзянін можа быць уключаны толькі на адным участку. С.в. прадстаўляюцца для ўсеагульнага азнаямлення за 15 дзён да галасавання (на ўчастках, утвораных у санаторыях, дамах адпачынку, бальніцах і інш. такіх установах — за 2 дні да галасавання). Кожны грамадзянін мае права абскардзіць неўключэнне, няправільнае ўключэнне або выключэнне са С.в., інш. недакладнасці. Такія скаргі разглядае ўчастковая камісія, апеляцыі на іх рашэнні — вышэйстаячая камісія. Скаргі на рашэнні ўчастковай камісіі могуць таксама падавацца ў раённы або гар. суд, рашэнні якіх з’яўляюцца канчатковымі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)